СЛАНО́ВЫЯ ЧАРАПА́ХІ, гіганцкія чарапахі,
найбольш буйныя віды паўзуноў сям. наземных чарапах. 2 віды: уласна С.ч. (Testudo, або Geochelone, elephantopus) з 11 падвідамі, і гіганцкая С.ч. (T., або G., gigantea). Уласна С.ч. жыве на а-вах арх. Галапагас. Гіганцкая С.ч. захавалася на атоле Альдабра ў Інд. ак. Некат. падвіды вынішчаліся з 17 ст. з-за каштоўнага мяса, тлушчу, яек. Віды і падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 1,5 м, выш. да 0,6 м, маса ад 100 да 400 кг. Маюць буйныя слупападобныя ногі і доўгую шыю. Адкладваюць да 22 яец масай да 140 г кожнае. Інкубацыйны перыяд 6—7 мес. Расліннаедныя. Жывуць да 100—150 гадоў.
т. 14, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)